Перад здымкамі на БТ да каліноўца Верамейчыка ўжывалі фізічны гвалт — Зянковіч

Васіль Верамейчык

Васіль Верамейчык / Facebook

Да затрыманага экс-каліноўца Васіля Верамейчыка ўжывалі фізічны гвалт, каб прымусіць даць "правільнае" інтэрв'ю для БТ. Пра гэта экс-палітвязень Юрась Зянковіч расказаў у гутарцы з "Нашай Нівай".

Перад вызваленнем Зянковіч, па яго словах, правёў чатыры месяцы ў СІЗА КДБ у адной камеры з Верамейчыкам. Ён кажа, што экс-каліновец не зламаўся і трымаецца мужна.

"Тое, што ён гаварыў у "інтэрв’ю" — гэта вымушана. Каб прымусіць яго сказаць тое, што хочуць пачуць бэтэшнікі, да яго ўжывалі фізічны гвалт. Паколькі супраціўляцца асабліва сэнсу не было, ён пад гвалтам сказаў тое, што сказаў", — каментуе Зянковіч. Паводле яго, усе інтэрв'ю з вязнямі робяцца пад пагрозй гвалту.

Ён заклікаў да грамадскай салідарнасці не толькі з палітвязнямі, але і з іншымі бязвінна пасаджанымі — напрыклад, бізнесоўцамі, у якіх патрабуюць грошы ў абмен на вызваленне. "Нават калі не даходзяць лісты, мы ўсё адно адчуваем падтрымку людзей. Галоўная задача грамадства — гэта дабіцца вызвалення несправядліва асуджаных", — адзначае экс-палітвязень.

Васіля Верамейчыка, былога байца палка імя Кастуся Каліноўскага, затрымалі ў В'етнаме ў сярэдзіне лістапада 2024 года і выдалі ў Беларусь паводле запыту КДБ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.