Ва Украіне аднавілі незалежнасць антыкарупцыйных органаў

Вярхоўная Рада, ілюстрацыйнае фота / Вярхоўная рада
Вярхоўная рада украіны 31 ліпеня прыняла законапраект, пададзены прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, які аднаўляе незалежнасць Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро (НАБУ) і Спецыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры (САП).
За адпаведны законапраект №13533 прагаласаваў 331 парламентарый, перадае hromadske.ua. Таксама дэпутаты падтрымалі прапанову аб неадкладным накіраванні гэтага законапраекта на подпіс. Зяленскі сёння ж падпісаў яго.
Падчас галасавання ў Марыінскім парку каля Вярхоўнай Рады сабраліся сотні людзей, якія заклікалі народных дэпутатаў падтрымаць дакумент.
У тэксце дакумента, які апублікавалі на сайце Рады, гаворыцца, што падпарадкаванне Спецыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры генпракурору адмяняецца. Таксама абмяжоўваецца ўплыў генпракурора на НАБУ, уводзіцца інстытуцыянальная незалежнасць САП, спрашчаецца працэдура прызначэння пракурораў.
У НАБУ кажуць, што іх ведамства прымала ўдзел у падрыхтоўцы законапраекта і што ён "адновіць усе паўнамоцтвы і гарантыі незалежнасці для НАБУ і САП".
Незалежнасць антыкарупцыйных структур Украіны была моцна абмежаваная тыдзень таму: Вярхоўная Рада прыняла законапраект, прапанаваны Зяленскім. Аднак пасля гэтага пачаліся акцыі пратэсту ў розных гарадах Украіны. Супраць абмежаванняў выступілі таксама прадстаўнікі Еўрасаюза. У выніку Зяленскі паабяцаў вярнуць незалежнасць НАБУ і САП.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.