Уначы нехта абліў алівай будынак сельвыканкама ў Плешчаніцах
Будынак сельвыканкама ў Плешчаніцах / www.mlyn.by
"Дзёрзкім актам вандалізму з псаваннем дзяржаўнай сімволікі" назваў інтэрнэт-рэсурс Mlyn.by дзеянні невядомага, які ў ноч на 12 лістапада абліў алівай будынак выканкама ў Плешчаніцах.
Аліву на будынку выявіла супрацоўніца выканкама, якая каля 8 гадзін раніцы прыйшла на працу. Яна патэлефанавала ў міліцыю і расказала, што невядомае рэчыва трапіла яшчэ і на герб, размешчаны над уваходам у будынак.
"Абедзве акалічнасці — падстава для распачынання крымінальнай справы", — кажа начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Лагойскага РАУС Ілля Лонскі.
Ён таксама расказаў, што адпрацаваная аліва мае дастаткова агрэсіўныя ўласцівасці, таму проста перафарбаваць сцены не атрымаецца — давядзецца выдаляць верхні пласт тынкоўкі.
Лонскі таксама расказаў, што камер відэаназірання на будынку выканкама не было, і "зламыснікі, мабыць, валодалі гэтай інфармацыяй".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.