Улады актыўна ўцягваюць у гаспадарчы абарот пустыя дамы

Нічыйны дом у Кудрычах, Пінскі раён / Еўрарадыё
З пачатку 2025 года ў гаспадарчы абарот уцягнулі 1537 пустых дамоў, паведамляе Дзяржкамітэт па маёмасці. Гэта — 28% ад гадавога плану, кажуць у камітэце. Разам з дамамі дзяржаве дасталіся і 254 га зямель, што эквівалентна 22% ад плана.
Пустуючымі ў Беларусі прызнаюцца дамы, чые гаспадары запусцілі прысядзібны ўчастак, не сочаць за яго ўтрыманнем, а дом знаходзіцца ў аварыйным стане, пагражае абвалам або ўвогуле разбураны. Да таго ж там ніхто не пражывае больш за тры гады. У такім выпадку выканкам накіроўвае ліст уласніку. Калі той нічога не робіць, то суд можа прызнаць дом бясхохным і мясцовыя ўлады могуць яго прадаць або ўцягнуць у гаспадарчы абарот.
На канец 2024 года ў Адзіным рэестры пустуючых дамоў налічвалася 14815 будынкаў. Частка з іх прадавалася з аўкцыёну. 268 дамоў можна было купіць за 1 базавую велічыню.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.