Украіна і Расія абвінавацілі адна адну ў абстрэлах Запарожскай АЭС
У чацвер Украіна і Расія абвінавацілі адна адну ў абстрэлах Запарожскай АЭС. Агулам было нанесена пяць удараў. Сітуацыю на экстраным пасяджэнні збіраецца абмеркаваць Савет бяспекі ААН, піша "Бі-Бі-Сі".
Запарожская АЭС з сакавіка 2022-га знаходзіцца пад кантролем акупацыйных расійскіх войскаў. Украінскі "Энергаатам" заявіў, што "прылёты" былі ў раёне камендатуры станцыі — "побач з участкам зваркі і сховішчам крыніц выпраменьвання". Паведамлялася пра пашкоджанне помпавай станцыі гаспадарча-бытавых сцёкаў і задымленне. Пазней у кампаніі паведамілі, што ўзровень радыяцыі ў ваколіцах АЭС не перавышае нормы. Таксама пра гэта заявілі і ў расійскай акупацыйнай адміністрацыі.
Нядаўна ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што Расія павінна адказаць за стварэнне пагрозы для Запарожскай АЭС. G7 патрабуе неадкладна вярнуць Запарожскую АЭС пад поўны кантроль Украіны.