Уезд у мінскія двары могуць зрабіць платным: жыхарам — танней, гасцям — даражэй

Уезд у мінскія двары могуць зрабіць платным: жыхарам — танней, гасцям — даражэй

Сталічныя ўлады хочуць зрабіць платным уезд у гарадскія двары. Праўда, рэалізаваць задуму пакуль складана, паведаміў парталу tut.by галоўны інжынер ГА "Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі" Пётр Пруднікаў. Па яго словах, найбольш разумна зачыняць шлагбаўмамі двары, размешчаныя недалёка ад платных парковак. Але для ўсталявання шлагбаўма патрабуецца "такі ж аб'ём дакументаў, як і для будаўніцтва хмарачоса. У Мінску пакуль гэта робяць толькі таварыствы ўласнікаў, бо ім належыць зямельны ўчастак.

"Закрыццё" двароў на шлагбаўм плануюць ажыццявіць у жылым квартале каля прывакзальнай плошчы, у раёне вуліц Кірава — Свярдлова — Ленінградскай. Па словах Пруднікава, жыхары квартала змогуць зарэгістраваць ў рэзідэнтнай базе тэхпашпарты на аўто і кватэру, і аплочваць адносна невялікую суму — 100-200 тысяч у год. Госці ж будуць плаціць за паркоўку ў двары — як за стаянку на Прывакзальнай плошчы.  

Не выключана, што там будуць стаяць камеры фотафіксацыі, якія будуць адсочваць парушальнікаў паркоўкі.

Для гэтага, праўда, неабходна ўнесці змены ў заканадаўства — у прыватнасці, указ №589 "Аб упарадкаванні працы аўтамабільных стаянак і аўтамабільных парковак", а таксама КаАП. Па словах Пруднікава, такая норма абавязкова з'явіцца. І памер штрафу будзе ў некалькі разоў перавышаць памер платы за стаянку.

Дарэчы, сёння ў Мінску каля 1600 платных месцаў для паркоўкі. Да канца года іх колькасць у межах другога транспартнага кальца плануецца павялічыць да 10 тысяч. Гэта значыць, дададуцца амаль 8400 месцаў. Канчатковыя планы наконт будаўніцтва новых парковачных месцаў на гэты год у раёнах горада будуць складзеныя да красавіка.