У Жыткавічах абмяркоўваюць чуткі, што настаўнік школы збіў вучня

Урок фізкультуры ў Хільчыцкай школе / hil.schools.by
У гарадскім пабліку Жыткавічаў гучнае абмеркаванне выклікаў пост пра здарэнне ў Хільчыцкай сярэдняй школе. Гаварылася, што там настаўнік фізкультуры ўдарыў сямікласніка, што выклікала ў школьніка разлад здароўя.
"Ударыў па галаве (кажуць, кулаком), у выніку чаго ў хлопчыка закружылася галава і пачаліся ваніты. Цяпер хлопчык ляжыць у бальніцы са страсеннем мозгу. Дырэктар школы хавае гэты факт, кажа, што ён аб'еўся чыпсаў і таму яго званітавала. Прытым, гэта не адзінкавы выпадак, дзеці ўвесь час скардзяцца, што настаўнік абзывае, штурхае і штурхае дзяцей. Дырэктарка таксама добрая, гарлапаніць, лаецца матам, кажа ўсякія пошласці, публічна абражае і прыніжае! Хіба такім павінен быць дырэктар школы?" — цытуе "Флагшток" допіс, пад якім пакінулі больш за 140 каментароў.
Журналіст выдання затэлефанаваў у школу і пагаварыў з дырэктаркай — Анжалікай Дзербянёвай.
Яна не задавала пытанняў для ўдакладнення, а адразу зразумела, пра якую сітуацыю ідзе гаворка. Дырэктарка адразу заявіла, што вучань ужо ходзіць у школу: "Нармальна ўсё. Там жа не гэта... Ну як вам растлумачыць... Нічога не было, нічога няма. Там наогул бытавая нейкая траўма. Дзіця жывое-здаровае, ходзіць у школу, нічога з ім не здарылася".
На пытанне пра ўдар дырэктарка ва ўсім абвінаваціла маці школьніка: "Ну так, мама на эмоцыях пагуляла ў інтэрнэце. Фізрук нічога не рабіў. Дзеці апытаныя — там нічога не было. Ніхто не штурхаў, нічога не рабіў. ... Гэта мама прысніла, напэўна".
У размове яна назвала імя фізрука, якога абвінавацілі ў рукапрыкладстве — Штакевіч. Такога прозвішча на старонцы Хільчыцкай школы няма.
Сваю версію канфлікту дырэктарка не агучыла.
Раней у Беларусі здараліся выпадкі, калі настаўнікі падымалі руку на вучняў. Адзін з самых рэзанансных канфліктаў адбыўся ў верасні 2019 года ў Гомелі. Настаўніцу Людмілу Чацвярткову звольнілі пасля таго, як у інтэрнэце з'явілася відэа, дзе яна трэсла партай над галавой чацвертакласніка з крыкам: "Я пайду ў турму, а табе п...ц!". Тады за настаўніцу заступіўся Лукашэнка і загадаў аднавіць яе на працы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.