У Вільні загарэліся і выбухнулі вагоны з газам, пацярпелі два чалавекі
Пажар на чыгунцы ў Вільні / LRT
На ўскрайку Вільні зранку 10 верасня здарыўся пажар: на чыгуначнай станцыі Балтосес Вокес загарэліся вагоны з газам.
Відавочцы кажуць, што слуп чорнага дыму быў бачны нават за некалькі кіламетраў ад эпіцэнтра пажару. Першапачаткова прычынай узгарання называюць неасцярожныя паводзіны работніка.
Каля 14-й гадзіна была абвешчаная эвакуацыя ў радыусе 1 кіламетра, перадае LRT.
Каля 15-й гадзіны Дэпартамент пажарнай бяспекі і выратавання (PAGD) паведаміў пра магчымае забруджванне ў выніку пажару. Жыхарам Вільні рэкамендавалі не знаходзіцца на вуліцы і зачыніць вокны.
Дарадца дырэктара PAGD Данатас Гуравічус удакладніў, што ад вагонаў загарэлася станцыя разліву звадкаванага газу, дзе вядуцца пагрузачныя работы: газ дастаўляецца і разліваецца ў стацыянарныя кантэйнеры. Ён дадаў, што гукі выбухаў, якія чуваць на месцы, характэрныя для гарэння звадкаванага газу.
Падчас выбуху паблізу знаходзіўся транзітны цягнік у Калінінград — яго, як паведаміла паліцыя, перавялі на іншыя шляхі.