У Венесуэле ежу будуць прадаваць па адбітках пальцаў
Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура абвясціў, што ва ўсіх прадуктовых крамах уводзіцца абавязковая сістэма сканавання адбіткаў пальцаў.
Па словах уладаў, гэты крок накіраваны на барацьбу з недахопам прадуктаў і кантрабандай. Чакаецца, што сістэма абавязковай дактыласкапіі ў супермаркетах будзе ўведзеная ўжо каля Новага года, адзначае ВВС.
Апазіцыя краіны рэзка асудзіла гэтыя планы ўрада. На думку крытыкаў, здымаць адбіткі пальцаў пры куплі асноўных прадуктаў — тое самае, што ўводзіць нормы на харчаванне, і парушае недатыкальнасць прыватнага жыцця.
У крамах Венесуэлы нярэдка можна ўбачыць пустыя паліцы. Жорсткая манетарная палітыка і недахоп канвертаванай валюты робяць цяжкім любы імпарт. Стрымаць рост коштаў загадамі ва ўладаў не атрымоўваецца: вытворцы скардзяцца, што некаторыя тавары каштуюць настолькі танна, што ледзь пакрываюць сабекошт.
Па звестках цэнтрабанка краіны, на пачатку 2014 года ў крамах Венесуэлы адсутнічала прыкладна чвэрць асноўных прадуктаў харчавання. Як падлічылі ўлады, амаль 40% субсідаваных дзяржавай прадуктаў незаконна вывозяцца ў Калумбію, дзе прадаюцца па больш высокіх коштах.
Фота — Reuters