Турцыя адмяніла ранейшае рашэнне аб прыпыненні экспарту лімонаў

Лімон, ілюстрацыйнае фота

Лімон, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Турцыя адмяніла сваё ранейшае рашэнне прыпыніць экспарт лімонаў з 8 красавіка. Пра гэта абвясціў міністр гандлю краіны Амер Балат пасля сустрэчы з аграрыямі і экспарцёрамі.

Чыноўнік паведаміў, што да новага ўраджаю лімонаў вырашана не дапускаць "ніякіх спекулятыўных дзеянняў".

"У гэтым кантэксце часовае абмежаванне на экспарт лімонаў адменена. У далейшым дынаміка коштаў на ўнутраным рынку будзе строга адсочвацца, а праверкі працягнуцца",дадаў міністр. Ён паабяцаў урадавую падтрымку турэцкім фермерам, вытворцам і экспарцёрам, а таксама прадпрымальнікам і спажыўцам.

Ране Турцыя абвясціла, што з 8 красавіка прыпыняе экспарт лімонаў. Прычынай называліся замаразкі і снегапады, праз якія цэны на гэтую садавіну выраслі і ў самой краіне.

У Беларусі, як піша "Зеркало" са спасылкай на прадстаўнікоў рытэйла, пастаўшчыкі праз абмежаванні перайшлі на лімоны з Егіпта і Іспаніі. Аднак праблемы з лімонамі адчуваюць і гэтыя краіны — дажджы, перабоі з лагістыкай, дэфіцыт кантэйнераў. У выніку адпускныя кошты вытворцаў выраслі ўдвая. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.