"Беллегпрам" хваліцца аднаўленнем паставак у краіны Еўрасаюза

Прадукцыя "Беллегпрама"

Прадукцыя "Беллегпрама" / sb.by

Дзяржаўны канцэрн "Беллегпрам" аднавіў пастаўкі ў краіны Еўрасаюза. Пра гэта ў інтэрв'ю афіцыёзнаму выданню "СБ. Беларусь сегодня" заявіла старшыня канцэрна Таццяна Лугіна.

Паводле яе, летась прадукцыя канцэрна пастаўлялася ў 50 краін свету.

"Прыемна, што аднавіліся пастаўкі ў краіны Еўрапейскага Саюза ў сярэднім з ростам у 1,3 раза, канцэрн актыўна ажыццяўляў пастаўкі ў Нідэрланды, Венгрыю, Літву, Латвію, Бельгію, Італію. Яшчэ адзін прыярытэтны вектар нашага экспарту — далёкая дуга, мы нарасцілі яго на рынкі Кітая (Ганконг, Тайвань), у Індыю, Егіпет ды іншыя дзяржавы гэтага рэгіёну ў 1,6 раза", — паведаміла яна.

Аднак сёлета на пачатку года пастаўкі ў краіны "далёкай дугі" знізіліся. Асноўнай прычынай Лугіна назвала зніжэнне попыту з боку ключавых пакупнікоў на рынку льновалакна і ваганні цэн. Таксама ў ліку негатыўных фактараў яна назвала лагістычныя складанасці і падаражэнне транспартных выдаткаў.

Лугіна дадала, што прадпрыемствы канцэрна працягваюць шукаюць новыя лагістычныя маршруты і механізмы працы з партнёрамі з Еўрасаюза.

Агулам за два месяцы 2025 года экспарт тавараў легпрама склаў 313,9 мільёна рублёў, ці на 2,3% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Прычым пастаўкі ў Расію выраслі на 7,5%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.