Стала вядома, колькі на мерчы Лукашэнкі зарабіла кампанія Баскава

Лукашэнка ў бомберы брэнду "Лепшы" / прэс-служба Лукашэнкі
У Беларусі з 2022 года працуе кампанія "Лепшы брэнд". Яна прадае бомберы брэнда Lepshy. У куртцы гэтага брэнда Лукашэнка ў 2022 годзе з'явіўся ў Хатыні. Тады тэлеграм-канал "Пул першага" пісаў, што новы брэнд створаны спецыяльна для палітыка. А "Мінская праўда" і ўвогуле заяўляла, што гэта брэнд ад Лукашэнкі.
Як заўважыла выданне "Зеркало", у 2024 годзе выручка ад продажу прадукцыі кампаніі "Лепшы брэнд" вырасла амаль у чатыры разы ў параўнанні з 2023-м — ад 60 тыс. рублёў да 2,6 млн рублёў.
Пры гэтым прыбытак павялічыўся з 59 тысяч да 546 тысяч рублёў. А чысты прыбытак (даход пасля выліку ўсіх выдаткаў і падаткаў) за год вырас больш як у дзевяць разоў — з 54 тысяч да 502 тысяч рублёў.
Журналісты таксама звярнулі ўвагу, што ў фінансавай справаздачы ні ў 2023-м, ні ў 2024 годзе няма сумы выплачанага падатку на прыбытак. З дакумента вынікае, што фірма яго не ўносіла.
Іншыя падаткі і зборы ў 2024 годзе кампанія аплаціла на суму 475 тысяч рублёў. За год да таго было 134 тысячы рублёў.
На канец 2024-га на складах у фірмы назапасілася гатовай прадукцыі на 314 тысяч рублёў.
Паведамляецца што 80% акцый кампаніі належаць Дзмітрыю Баскаву, набліжанаму да Лукашэнкі. Яшчэ 20% акцый мае Марына Анфілава. У першы год працы кампаніі сярод заснавальнікаў была таксама дызайнер бомбераў Анастасія Фальковіч. А з 2023 года кіруе кампаніяй Вікторыя Сотнікава.
Кампанія "Лепшы брэнд" мае дзве крамы — у "Галерэя Элація" і ГЦ "Першы Нацыянальны гандлёвы дом".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.