У турыстычных гарадах Еўропы прайшлі дэманстрацыі супраць турызму

Венецыя, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
15 чэрвеня ў самых папулярных сярод турыстаў гарадах Еўропы — ад Барселоны праз Лісабон, да Венецыі — прайшлі дэманстрацыі супраць празмернага турызму.
У Барселоне арганізатары дэманстрацыі, як перадае Польскае радыё, заклікалі людзей прыносіць водныя пісталеты, якія сталі сімвалам пратэстаў мінулага года. Даніэль Пардо з Assemblea de Barris pel Decreixement Turístic патлумачыў, што пратэстоўцы не праяўляюць агрэсію. Яны бяруць вадзяныя цацкі як сімвал супрацьстаяння турыстычнай эксплуатацыі.
Дэманстрацыі прайшлі пад лозунгам "Менш турызму, больш жыцця". Арганізатары звяртаюць увагу на агульныя праблемы турыстычных гарадоў: перасяленне жыхароў, шум, высокія цэны і сезонная праца без перспектыў. Паводле арганізатараў, гэта не вайна з турыстамі, а заклік да балансу і будучыні гарадоў.
Пратэсты ў некалькіх краінах каардынуе міжнародная сетка "Гарады Паўднёвай Еўропы супраць турызму". Яна аб'ядноўвае мясцовыя асацыяцыі і актывістаў з Іспаніі, Італіі і Партугаліі, якія абараняюць гарадскую прастору ад дамінавання турыстычнай індустрыі.
Дарэчы, у Іспаніі пратэсты супраць масавага турызму працягваюцца ўжо больш за дзесяць гадоў. Летась краіну наведалі рэкаордныя 94 мільёны замежных турыстаў, што прывяло да ўзмацнення пратэстаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.