У Тэатры юнага гледача паставілі спектакль катэгорыі 18+
Сцэна з спектакля "36 і 6" / minsknews.by
У Тэатры юнага гледача ўпершыню паказалі спектакль катэгорыі 18+. Камедыю "36 і 6" па п'есе Яны Старадуб-Афанасьевай паставіў Аляксандр Несцераў.
Галоўную ролю ў пастаноўцы (дырэктарку ЗАГСа) згуляла дырэктарка тэатра Вера Палякова-Макей. У каментары "Мінск-Навінам" яна адзначыла, што за два мінулыя гады гэта першая прэм'ера камедыі, пастаўленая ў ТЮГу.
"Мы расцем разам з нашым гледачом. Бачым патрэбу ў такіх спектаклях. У фінале, спадзяюся, асабліва жаночая аўдыторыя змахне скупую слязу", — заявіла яна.
Вера Палякова-Макей узначаліла ТЮГ амаль два гады таму. Адразу пасля прызначэння на пасаду яна заявіла, што зробіць тэатр двухмоўным (дагэтуль усе пастаноўкі былі беларускімі), бо беларуская мова перашкаджае тэатру зарабляць.