У Свяцкім палацы раскрылі галерэю партрэтаў XVIII стагоддзя
 
  Партрэты са Свяцкага палаца / t.me/pul4region
Пры рэстаўрацыі палаца Валовічаў у Свяцку (Гродзенскі раён) пад некалькімі слаямі тынкоўкі рэстаўратары знайшлі галерэю партрэтаў рымскіх імператараў. Гэтыя партрэты былі створаныя ў XVIII стагоддзі майстрамі еўрапейскага ўзроўню.
Дырэктара дызайн-студыі "Пальмета" Ігар Ганяеў кажа, што раскрыты жывапіс паказвае выдатную прапрацоўку дробных дэталяў — такіх, як блікі, вочы, вусны і лаўровыя вянкі на галовах антычных уладароў, што сведчыць пра высокую якасць і прафесіяналізм аўтара. На яго думку, гэта аўтарскі жывапіс найвышэйшага еўрапейскага і сусветнага ўзроўню.
"Асаблівую каштоўнасць уяўляе жаночы партрэт, раскрыты ў зале імператарскіх партрэтаў. Ён — найвышэйшага сусветнага ўзроўню, варты і Эрмітажа, і Луўра, і любога музея свету", — упэўнены Ганяеў.
Паведамляецца, што сярод аўтараў партрэтаў — вядомыя мастакі, родапачынальнікі літоўскай, польскай і беларускай школ.
Больш за сто гадоў гэтыя выявы былі схаваныя пад пластамі грунту, фарбаў і пабелак, пакуль іх не выявілі падчас рэстаўрацыйных работ.
Работы ідуць не толькі ў зале рымскіх імператараў, але і ў зале №6, пейзажнай зале і на параднай лесвіцы. Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Жук паведаміў, што ва ўсіх гэтых памяшканнях былі знойдзены прыклады жывапісу XVIII стагоддзя, выкананыя тэмпернай фарбай па тынку.
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
