У Шклове затрымалі выкрадальнікаў каналізацыйных люкаў

У Шклове міліцыя затрымала дваіх выкрадальнікаў каналізацыйных люкаў. У красавіку яны скралі іх каля паўсотні, пакідаючы адчыненымі каналізацыйныя калодзежы.

Як інфармуе прэс-служба міліцыі Магілёўскай вобласці, дзейнічалі зламыснікі ў вёсцы Новае Пашкова, аграгарадку Палыкавічы і ў мікрараёне "Спадарожнік" у Магілёве. Толькі на вуліцы Пысіна ў абласным цэнтры магілёўцы скралі 26 люкаў. Затрымалі іх у Шклове падчас спробы збыць сваю "здабычу" ў пункце прыёму металалому.

Мужчыны прызналіся, што такім чынам хацелі зарабіць. "Працавалі" ўначы, скрадзенае хавалі на лецішчы. Чугунныя люкі яны перавозілі ў багажніку легкавога аўтамабіля. На момант затрымання ў зламыснікаў знайшлі толькі 38 люкаў, частку скрадзенага яны паспелі прадаць.

Крымінальную справу распачалі па артыкуле "Крадзеж". Аматарам каналізацыйных люкаў пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Дарэчы, страты, якія яны нанеслі, яшчэ не падлічаныя.