У сетцы "Суседзі" адмаўляюць страйк у слуцкай краме

Крама "Суседзі" ў Слуцку

Крама "Суседзі" ў Слуцку / mlyn.by

У галоўным офісе гандлёвай сеткі "Суседзі" адмаўляюць страйк работнікаў у слуцкай краме.

Як паведамлялася напярэдадні, зранку 24 красавіка адна з крамаў у Слуцку не адчынілася ў належны час. Каля дзесяці работнікаў узгоднена застрайкавалі, патрабуючы павышэння заробкаў. Яны спасылаліся на тое, што крама пачала працаваць да 2:00 ночы, працы стала больш, а заробкі не павялічыліся.

Прыкладна праз гадзіну дзверы крамы "Суседзі" ўсё ж адчынілі для пакупнікоў.

У самой краме журналіст "Мінскай праўды" каментароў не атрымаў. А ў галаўным офісе сеткі яму заявілі, што крама пачала працу своечасова: "Філіял па адрасе: Слуцк, вул. Барысаўца, 28, 24 красавіка пачаў сваю працу ў 6:59, што пацвярджаецца, у тым ліку, камерай відэаназірання ля ўваходных дзвярэй аб'екта".

У галаўным офісе сказалі, што на пачатку змены прыступаць да працы адмовіліся прадавец і кантралёр-касір, якія павінны былі выкладваць тавар і разлічваць пакупнікоў. А вось, маўляў, загадчык аддзела і ахоўнік крамы былі на сваіх працоўных месцах і працавалі.

Па гэтым факце праводзіцца ўнутраная праверка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.