"Такіх грошай у людзей няма": як чыноўнікі малююць заробкі беларусам

Сярэдні заробак у Беларусі
"Абсалютна звыклая сюррэалістычная "карціна свету" ў Беларусі", — так эканамістка Аліса Рыжычэнка каментуе сітуацыю з заробкамі ў краіне.
Паводле звестак Белстата, сярэдні заробак працаўнікоў (да выліку падаткаў і ўнёскаў) склаў 2601,8 рубля ў сакавіку, што на 173,7 рубля больш, чым было ў папярэднім месяцы.
Самы вялікі заробак аказаўся ў Мінску — 3544,7 рубля (+235,6 рубля), а самы нізкі — у Віцебскай вобласці — 2143,1 рублёў (+132,1 рубля).
— Тыя звесткі, якія падаюцца Белстатам, вельмі далёкія ад простых беларусаў: ад іх жыцця, заробкаў, таго, што адбываецца з коштамі.
Па-першае, што такое сярэдні заробак? Гэта сярэдняя "тэмпература па бальніцы". У вас ёсць начальнік, які зарабляе 10 000 беларускіх рублёў. І ёсць вы, што зарабляе 800 рублёў. Сярэдні заробак атрымаецца 5 500 рублёў на вас дваіх. Такім жа чынам разлічваецца сярэдні заробак па краіне, па рэгіёнах. У рэальнасці людзі не маюць такіх грошай.
Эканамістка прыводзіць у прыклад "Нафтан", дзе 2000-2500 рублёў "бруднымі" атрымліваюць інжынеры і аператары.
— Дык гэта нафтаперапрацоўчы завод. Што казаць пра простыя прадпрыемствы? Што казаць пра прадпрыемствы, якія працуюць у гандлі ў раздроб. Якія, фактычна, засунулі пад плінтус на працягу апошніх трох гадоў і не давалі ім нічога зарабляць пастановай 713? Адкуль у прадпрыемстваў будуць грошы для таго, каб падвышаць заробкі альбо плаціць хоць бы іх своечасова?

Чыноўнікі прымушаюць нацягваць гэтыя заробкі на дзяржпрадпрыемствах і абавязваюць іх падтрымліваць гэты ўзровень праз тое, што сфармаваны велізарны дэфіцыт кадраў. У адваротным выпадку ў цябе наогул не будзе кадраў на працы і ты наогул нічога не зможаш вырабляць.
І такая сітуацыя складваецца, калі ў прадпрыемства растуць выдаткі, крэдыторская запазычанасць, яны павінны выплочваць больш заробкаў і пры гэтым у рэальнасці расце інфляцыя і людзі ўсё роўна незадаволеныя гэтым узроўнем заробкаў.
Ім гэтага мала, і не таму што "зажраліся", а сапраўды, гэтых грошай не хапае пагашаць усе свае выдаткі: купляць ежу, плаціць за вучобу дзецям, плаціць за камунальныя выдаткі.
А ў прадпрыемстваў няма грошай, каб плаціць гэтыя заробкі. Прадпрыемствы бяруць крэдыты. У выніку крэдыты трэба пагашаць, там працэнтныя стаўкі — трэба яшчэ больш грошай.
Гэта такая кабала, з якой беларускія прадпрыемствы добра, калі праз 5-7 гадоў прыйдуць у нармальны стан, ва ўмовах, калі адбудуцца эканамічныя рэформы.
Калі не адбудуцца, то мы ўбачым ланцуг банкруцтваў. Наступіць той момант, калі ні дзяржбюджэт, ні крэдыты пад дзяржгарантыі, ні банкі ўжо не змогуць пераймаць на сябе дрэнныя актывы прадпрыемстваў і выдаваць ім субсідыі ці танныя крэдыты для таго, каб падтрымліваць іх на плаву.
У Беларусь вяртаюцца забастоўкі?
24 красавіка Беларусь здзівіла навіна пра страйк працаўнікоў крамы "Суседзі" ў Слуцку. Яны патрабавалі павышэння заробку пасля рашэння кіраўніцтва падоўжыць гадзіны працы супермаркета.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.