У пошуках Мельнікавай ёсць зачэпка, але дасылаюць шмат фальшывак — Лявончык

Анжаліка Мельнікава

Анжаліка Мельнікава / Еўрарадыё

У пошуках зніклай спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай, магчыма, ёсць зачэпка, але яе яшчэ трэба верыфікаваць. Так асцярожна пракаментаваў сітуацыю Аляксей Лявончык.

Сузаснавальнік фондаў By_help і BYSOL Аляксей Лявончык абвяшчаў грашовую ўзнагароду за звесткі, што дапамогуць у пошуку Мельнікавай — 10 тысяч еўра. Ён працягвае супрацу з камандай журналістаў-расследавальнікаў.

Спікерка Каардынацыйнай рады знікла пяць месяцаў таму. Паведамлялася, што перад знікненнем яна зняла каля 150 тысяч долараў з рахунку даьрачыннага фонду. Журналісты высветлілі, што раней Мельнікава лятала на Шры-Ланку з каханкам, які аказаўся агентам спецслужбаў Беларусі Аляксеем Лабеевым і меў пашпарт прыкрыцця на іншае імя. Пасля Шры-Ланкі, як сцвярджалася, Мельнікава паляцела ў Дубай, там яе след згубіўся.

"Мы атрымалі ўжо некалькі – мякка скажу, некалькі – відэа, на якіх сцвярджаецца, што Анжаліка знятая там, жывая, знаходзіцца там і там. На жаль, мы не змаглі пацвердзіць на дадзены момант аўтэнтычнасць ніводнага з гэтых відэа", расказаў Лявончык у каментары "Белсату".

Паводле яго, на адным з відэа было бачна, што Мельнікава знятая тры гады таму. Такіх відавочных фэйкаў сярод дасланых матэрыялаў шмат, іх адсейваюць. Таксама Лявончык не выключае, што і сілавікі могуць спрабаваць павесці расследвальнікаў фальшывым шляхам.

Аўтараў дасланых відэа таксама спрабуюць верыфікаваць. Адзін, паводле Лявончыка, сцвярджаў, быццам працаваў са спецслужбамі ў Беларусі, мае "аператыўныя здымкі". Але такую працу пацвердзіць не ўдалося, а матэрыялы гэтага аўтара былі больш падобныя да аматарскіх здымак на тэлефон, а не на аператыўныя здымкі сілавікоў.

Відэа, больш-менш падобныя да сапраўдных і актуальных, перадаюць на тэхнічны аналіз, аналіз асяроддзя і атачэння, кажа Лявончык. Напрыклад, даслалі відэа, дзе Мельнікава нібыта ў Карканошах — гарах на мяжы Польшчы і Чэхіі. Але ў Карканошах проста няма такіх абрысаў гор, як на відэа. Былі таксама некалькі відэа, на якіх немагчыма было вызначыць час і лакацыю.

Некалькі цікавых матэрыялаў, адзначае Лявончык, прыйшлі цягам апошняга месяца, але яны яшчэ не спраўджаныя і могуць аказацца фальшывымі. Цяпер яны на стадыі тэхнічнай верыфікацыі, а калі пройдуць яе, пойдуць на верыфікацыю асяроддзя і акалічнасцяў.

Лявончык кажа, што хацеў бы, каб Мельнікава была жывая. Але з практыкі працы з пацярпелымі ад рэпрэсіяў ён ведае, што немагчыма абсалютна цалкам схаваць інфармацыю пра чалавека: калі чалавек жывы, інфармацыя пра гэта ў 99% выпадкаў праявіцца. Таму ён не выключае, што Мельнікава ўжо нежывая.

Акрамя журналістаў і грамадскіх актывістаў расследаванне вядзе і польская пракуратура. Але ад яе навінаў даўно не было. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.