Стала вядома пра новага агента КДБ, які можа быць звязаны са справай Мельнікавай

КДБ
З'явілася інфармацыя пра яшчэ аднаго агента КДБ, які можа мець дачыненне да знікнення спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай.
Як пішуць "Кіберпартызаны", гэта чалавек, які суправаджаў на Шры-Ланцы агента Аляксея Лабеева. Мужчына дзейнічаў пад прыкрыццём, паказваючы дакументы на імя Vasil Kaichanka.
Таксама "Кіберпартызаны" сцвярджаюць, што муж і жонка Андрэевы, пра якіх пісалі раней, хутчэй за ўсё не маюць дачынення да знікнення Мельнікавай. Хаця яны ляталі на Шры-Ланку адначасова з Аляксеем Лабеевыма, але адпачывалі яны ў іншай частцы выспы. "Мы прыйшлі да меркавання, што з высокай верагоднасцю Андрэевы не маюць дачынення да справы Анжалікі", — адзначаюць "Кіберпартызаны".
Раней "Кіберпартызаны" паведамлялі, што следчы Андрэй Андрэеў з жонкай Ірынай, колішняй супрацоўніцай Барысаўскага РУУС, прыбылі на Шры-Ланку адначасова з Лабеевым, якога лічаць каханкам зніклай Мельнікавай.
Спікерка КР Анжаліка Мельнікава перастала выходзіць на сувязь з 25 сакавіка. Пазней выявілася, што яна забрала 150 тысяч долараў з рахунку фонду Bialorus Liberty, да якога мела доступ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.