У Міжземным моры за 10 гадоў загінулі 25 тысяч мігрантаў з Афрыкі

Пытанне нелегальных мігрантаў з краін паўночнай Афрыкі ў Еўрасаюз з кожным днём становіцца ўсё больш вострым. Пры гэтым праблемай з’яўляецца не толькі аб’ём міграцыі, а яшчэ і колькасць тых, хто загінуў падчас перасячэння Міжземнага мора.

Толькі сёлета з 14 па 22 красавіка ў Міжземным моры пацярпелі крушэнні прынамсі 4 караблі з нелегаламі. Загінула больш за 1 200 чалавек.

Адна з апошніх трагедый адбылася 19 красавіка. У гэты дзень загінула, па некаторых ацэнках, каля 900 мігрантаў, сярод іх 50 дзяцей. Выратавалі толькі 28 чалавек, паведамляе газета Repubblica.

Міністры замежных і ўнутраных спраў краін ЕС на тэрміновай нарадзе 20 красавіка ў Люксембургу ўхвалілі план з 10 пунктаў па пераадоленні крызіснай сітуацыі з мігрантамі.

У спіс мер уваходзіць павелічэнне фінансавання барацьбы з нелегальнай міграцыяй, захоп і знішчэнне судоў кантрабандыстаў, дактыласкапія мігрантаў і ўвядзенне новай сістэмы хуткага вяртання нелегалаў. Акрамя таго, плануецца стварыць праграму перасялення людзей, якія маюць патрэбу ў абароне, у межах якой ім будзе прапанаванае жыллё. Каб знізіць паток мігрантаў з Лівіі, ЕС таксама мае намер узмацніць узаемадзеянне з яе краінамі-суседзямі.

Генеральны сакратар Amnesty International Саліл Шэці ў інтэрв’ю Euronews заявіў што, больш пільны кантроль за еўрапейскімі межамі не спрыяе выратаванню большай колькасці мігрантаў у Міжземным моры.

“Я лічу, што калі б былі больш эфектыўныя сістэмы пошуку і выратавання, лепшыя спосабы прыёму людзей, выратавання іх жыцця, калі б была агульная адказнасць, усё гэта магло б дапамагчы. Гэта не пытанне кантролю за межамі, гэта пытанне абароны жыцця людзей. Каштоўнасць жыцця чалавека ў Сірыі або на Блізкім Усходзе роўная каштоўнасці жыцця еўрапейца. Гэта немагчыма адмаўляць. Ніхто не чакае, што Еўропа адкрые свае межы для ўсіх без разбору. Але гэта павінна быць сістэматызавана. Існуюць міжнародныя правілы, што рабіць з тымі, хто просіць прытулку, у кожным канкрэтным выпадку. Але рэальнасць такая, што большасць еўрапейскіх краін папросту адсылае іх у адмысловыя цэнтры, дзе яны ўтрымліваюцца пад вартай.”

 Саліл Шэці

Аналітык Deutsche Welle Брэнт Рыгерт кажа, што за апошняе дзесяцігоддзе ў Міжземным моры загінула амаль 25 тысяч мігрантаў.

Ён адзначае, што аднаго толькі пашыранага разгортвання сіл, якія ўдзельнічаюць у выратавальных аперацыях на моры, недастаткова. Бо тысячы бежанцаў патанулі нават калі дзейнічала аперацыя “Mare Nostrum”. Італія самастойна завяршыла гэты праект не праз фінансавыя праблемы, а таму, што краіна больш не была гатовая забяспечваць прытулак ўсім выратаваным уцекачам.

“Неабходна на нейкі час увесці марскую блакаду ўзбярэжжа Лівіі для таго, каб разбурыць прыбытковы бізнес злачынных банд кантрабандыстаў-перавозчыкаў. У крайнім выпадку еўрапейскія ваенна-марскія сілы могуць перашкодзіць старту новых караблёў у бок Еўропы”, — адзначае аналітык.

Рыгерт лічыць, што гэта не вырашыць праблему міграцыі як такой, але блакада прынамсі зможа выратаваць мноства жыццяў. Акрамя таго, кантрабандысты засталіся б без працы, калі б ЕС проста арганізаваў паром у Італію або Іспанію і штодня адпраўляў бы туды 1000 мігрантаў з афрыканскіх партоў. Бясплатна і абсалютна легальна. Рызыкоўнае падарожжа на гумовых лодках стала б зусім бессэнсоўным. У агульнай складанасці гэта азначала б 365 000 мігрантаў у год — не нашмат больш, чым сёння адпраўляецца на чаўнах у Еўропу.

Нагадаем, што паводле падлікаў Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, з пачатку года ля берагоў Афрыкі і Еўропы ўжо патанула больш за 1700 бежанцаў. А італьянскія спецслужбы паведамляюць, што цяпер у Лівіі больш за 800 тысяч уцекачоў шукаюць магчымасць трапіць у Еўропу.

Паводле ацэнак памежнага агенцтва Еўрасаюза Frontex, у 2014 годзе ў Міжземным моры загінула каля 3 400 мігрантаў, якія спрабавалі дасягнуць Еўропы.

Фота: Massimo Sestini/eyevine.com, repubblica.it, naija247news.com, UNHCR/A D'Amato