У Мінску затрымалі нацыянал-бальшавіка Аляксандра Палякова
Пра гэта паведамляе прэс-служба аргкамітэта па стварэнні нацыянал-бальшавіцкай партыі.
Па іх звестках, Палякова затрымалі 6 траўня, калі ён выходзіў з дому, і даставілі ў УУС Заводскага раёна Мінска.
Таксама паведамляецца, што нацболаў Дзмітрыя Паліенку, Дзяніса Сахара і Яўгена Контуша выклікаюць у міліцыю. З раніцы 6 траўня каля дзвярэй кватэр, дзе яны жывуць, "дзяжураць міліцыянты і невядомыя людзі ў цывільным". Прэс-служба нацболаў лічыць, што актывістаў пераследуюць за акцыю супраць палітычных пераследаў.
4 траўня нацболы правялі ў Мінску акцыю, прымеркаваную да адкрыцця чэмпіянату свету па хакеі. Ля галоўнага ўваходу ў парк Чалюскінцаў яны павесілі расцяжку з сімвалічнай фатаграфіяй кіраўніка дзяржавы ў цэнтры і надпісам "Усіх не пасадзіш!". Таксама яны распаўсюдзілі ў парку тэматычныя ўлёткі наконт сутнасці акцыі.
Фота прэс-службы нацболаў