У Мінску за крадзеж затрымалі жанчыну, якая на 9-м месяцы цяжарнасці
Ёй пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі.
У Партызанскім раёне Мінска міліцыя затрымала 35-гадовую цяжарную жанчыну. Яе падазраюць у крадзяжы з сацыяльна-педагагічнага цэнтру, куды яна прыйшла пракансультавацца ў справе магчымасці зняцця з яе колішняй судзімасці за крадзеж. Пасля абмеркавання сітуацыі супрацоўніца цэнтра прапанавала жанчыне паглядзець гуманітарную дапамогу, каб выбраць нейкія рэчы, а сама на 15 хвілін выйшла з кабінета.
Як інфармуе прэс-служба мінскай міліцыі, калі супрацоўніца сацыяльна-педагагічнага цэнтру вярнулася, у кабінеце нікога не было. Яна заўважыла, што з сумкі зніклі грошы — 210 долараў, 800 тысяч беларускіх рублёў і банкаўскія карткі. Падазраваную ў здзяйсненні злачынства неўзабаве затрымалі. Яна прызналася, што грошы забрала, а кашалёк выкінула ў кантэйнер для смецця. На момант затрымання зламысніца паспела патраціць частку грошай.
У адносінах мінчанкі, якая знаходзіцца на 9-м месяцы цяжарнасці, распачалі крымінальную справу па артыкуле "Крадзеж". Ёй пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі.


Фота з архіву і guvd.gov.by