У Мінску выявілі нелегальную клініку па дэтаксікацыі алкаголікаў

Доктар, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Нелегальную клініку выявілі ў Мінску супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Дзяржкантролю. Там аказвалі паслугі па дэтаксікацыі арганізма і медыкаментозным лячэнні абстынентнага сіндрому.
Арганізатарамі называюць грамадзян Беларусі і Расіі. Яны працавалі без ліцэнзіі і без належнай рэгістрацыі клінікі.
"Актыўная маркетынгавая кампанія дазваляла прыцягваць сотні кліентаў. Для гэтага выкарыстоўваліся фэйкавыя інтэрнэт-сайты медыцынскіх клінік з указаннем кантактных нумароў тэлефонаў, праз якія прымаліся заказы", — заяўляюць у Дзяржкантролі.
Пацыенты ці іх сваякі пакідалі заяўку, пасля чаго ўдзельнікі групы прыцягвалі да працы медработнікаў. Тыя выязджалі да кліентаў, праводзілі лячэнне і прымалі аплату гатоўкай. Большая частка выручкі, як заяўляюць у КДК, даставалася арганізатарам схемы. Сярэдняя цана паслугі складала 200-250 рублёў.
Кампанія дзейнічала па ўсёй краіне. Для аказання паслуг прыцягваліся медработнікі з розных медустаноў, у тым ліку былыя фельчары.
За два гады дзейнасці арганізатары атрымалі як мінімум больш за 100 тысяч долараў ЗША ў эквіваленце. "Пры гэтым рэальны даход арганізатараў бізнесу значна большы", — падкрэсліваюць у Дзяржкантролі.
Арганізатарам схемы за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.