У Мінску раскрылі разбойны напад на інкасатара
У Мінску раскрылі разбойны напад на інкасатара, які адбыўся 22 снежня мінулага года на вуліцы Громава. Зламыснікам аказаўся 35-гадовы мінчук.
Напад адбыўся ў пункце абмену валют, які знаходзіцца ў краме. Інкасатар выходзіў з будынка разам з касірам. У гэты момант на інкасатара і напаў невядомы. Ён распыліў у твар мужчыне слёзацечны газ і паспрабаваў вырваць сумку з вялікай сумай грошай. Але сумку інкасатар утрымаў у руках, і зламыснік вымушаны быў уцячы без грошай.
Як інфармуе прэс-служба мінскай міліцыі, былі апытаныя сотні сведак, больш за два месяцы вывучаліся запісы камераў відэаназірання. У выніку, зламысніка затрымалі. Высветлілася, што ён чатыры дні рыхтаваўся да нападу, высочваў інкасатара. Сваёй віны ў разбойным нападзе мужчына не адмаўляе, з ім працуюць следчыя.