У Мінску падчас будаўніцтва метро плануюць знесці больш за 100 будынкаў

У Мінску плануецца знесці больш за 100 жылых і адміністрацыйных будынкаў падчас будаўніцтва 2-га ўчастка 3-й лініі метро. Пра гэта ў чацвер паведаміў начальнік унітарнага прадпрыемства "Дырэкцыя па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна" Павел Царун. Паводле яго слоў, гэта і жылыя дамы, і адміністрацыйныя. "Дакладная іх колькасць будзе вядомая пасля распрацоўкі першай стадыі праектных работ", — цытуе словы Царуна БЕЛТА.
Тэрмін пачатку будаўніцтва згаданага 2-га ўчастка пакуль невядомы. Праектаванне і будаўніцтва ўчастка 3-й лініі метро будзе залежыць ад памеру фінансавых сродкаў, якія выдзеляць з бюджэту.
Тэлеканал СТБ нагадвае, што другі ўчастак 3-й лініі метро — гэта станцыі, якія пабудуюць на шляху ад Юбілейнай плошчы да плошчы Бангалор; на скрыжаваннях праспекта Пераможцаў і вуліцы Мельнікайтэ, праспекта Машэрава і вуліцы Крапоткіна, вуліцы Максіма Багдановіча і вуліцы Веры Харужай, на плошчы Бангалор. Першы ўчастак 3-й лініі мінскага метро плануюць пабудаваць у 2017 годзе.
