У Мінску могуць з’явіцца станцыі метро “Максіма Багдановіча” і “Друкарская”
А таксама “Свіслач”, “Кірмаш”, “Івана Мележа” ды шэраг іншых.
Сталічная камісія па найменні і перамайменні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых складнікаў горада прапануе жыхарам Мінска азнаёміцца з назвамі новых станцый метро, якія пакуль яшчэ толькі праектуюцца, паведамляе сайт Мінгарвыканкама. Гаворка ідзе пра назвы станцый 3-й і 4-й ліній падземкі. Вось якія найменні прыдумалі для новых прыпынкаў 3-й лініі, якую працягнуць ад Юбілейнай плошчы да Зялёнага Луга.
Станцыя “Прафсаюзная” з’явіцца на скрыжаваннi вулiц Заслаўскай, Мельнiкайтэ i праспекта Пераможцаў. Пакуль яе працоўная назва “Праспект Пераможцаў”.
На скрыжаванні вуліц Крапоткіна і праспекта Машэрава праектуюць станцыю “Свіслач”, на скрыжаванні вуліц Максіма Багдановіча і Веры Харужай плануюць станцыю з назвай “Кірмаш”.
На плошчы Бангалор праектуюць станцыю “Парк Дружбы народаў”, на скрыжаванні Багдановіча і Халтурына пабудуюць станцыю, якой могуць даць найменне “Івана Мележа”.
На скрыжаванні Шырокай і Усходняй пабудуюць метро “Зялёны Луг”, а на скрыжаванні Лагойскага тракту і вуліцы Гамарніка павінна з’явіцца станцыя “Лагойская”.
Нагадаем, што будаўніцтва 3-й лініі метро ўжо ідзе — падземку пакуль цягнуць ад Юбілейнай плошчы ў бок Курасоўшчыны. А вось 4-ю лінію, якая звяжа Чыжоўку і Вяснянку, пакуль толькі праектуюць. Але назвы станцыяў для яе ўжо прыдумалі.
Канцавы прыпынак “Чыжоўка” з’явіцца на перакрыжаванні вуліц Галадзеда і Ташкенцкай, наступнай станцыяй гэтай лініі будзе “Азёрная” — на перакрыжаванні Малініна і праспекта Ракасоўскага. Станцыя “Шэйпічы” адкрыецца на скрыжаванні Пляханава і праспекта Ракасоўскага.
Прыпынак метро “Серабранка” з’явіцца непадалёк ад аўтавакзала “Усходні”, далей лінію працягне станцыя “Даўгабродская” (перакрыжаванне вуліц Даўгабродская, Кашавога і бульвага Трактарабудаўнікоў).
Станцыю “Рабочая” пабудуюць на скрыжаванні Уральскай і Фролікава, затым будзе станцыя “Батанічны Сад” і станцыя “Друкарская” — што каля Дома друку. На скрыжаванні Багдановіча, Арлоўскай і Сурганава адкрыецца станцыя “Максіма Багдановіча”, лінію працягнуць прыпынкі “Старавіленскі Шлях” (скрыжаванне Старавіленскага тракта і Арлоўскай), “Вяснянка” (на праспекце Пераможцаў каля дамоў №№ 85-89), а таксама “Алімпійская” (каля “Мінск-Арэны”).
Назвы новых станцый не ёсць канчатковымі і могуць змяніцца.