У Мінску "фотамадэляў" шантажавалі інтымнымі здымкамі
Прычым зламыснікі атрымалі іх ад сваіх ахвяр добраахвотна.
Як паведамляе прэс-служба сталічнай міліцыі, у снежні мінулага года двое хлопцаў вырашылі "павесяліцца" ды стварылі ў адной з сацыяльных сетак старонкі з прыдуманымі дадзенымі, на якіх змясцілі аб'явы аб пошуку дзяўчат для працы фотамадэлямі. Неўзабаве пачалі адгукацца патэнцыйныя кандыдаткі, якія на просьбу "працадаўцаў" дасылалі свае здымкі, у тым ліку і тыя, дзе яны былі аголеныя.
Нібыта, на гэтым этапе ў хлопцаў і з'явілася ідэя зарабіць. Яны выбралі дзвюх дзяўчат і пачалі іх шантажаваць: пагражалі, што інтымныя фота разашлюць сябрам і знаёмым. Прапаноўваўся і выхад з сітуацыі: здымкі абяцалі знішчыць за 500 долараў.
Пацярпелыя звярнуліся ў міліцыю, зламыснікаў затрымалі. У іх адносінах распачалі крымінальную справу па падазрэнні ў вымагальніцтве, здзейсненым групай асобаў. Дарэчы, не выключана, што маглі быць і іншыя пацярпелыя ад шантажыстаў.
Фота — AFP