У Мінску дзяўчына абакрала краму касметыкі на 2 мільёны рублёў (відэа)
Партызанскае райупраўленне міліцыі просіць мінчукоў дапамагчы выявіць яе асобу.
Як паведамляе агенцтва "Мінск-Навіны", здарэнне адбылося ўвечары 17 ліпеня. У краму на праспекце Незалежнасці, 42 зайшла наведніца, якая доўга гуляла па зале і разглядала касметыку на вітрынах. Падышоўшы да стэлажа з дэзадарантамі, яна акуратна схавала ў торбу тры флаконы. Потым гэтак сама "прарэдзіла" яшчэ адзін стэлаж, пасля чаго пакінула краму.
Момант крадзяжу, а таксама сама зламысніца былі зафіксаваныя камерай відэаназірання, усталяванай у краме.
Міліцыянты звяртаюцца з просьбай да ўсіх, хто пазнае дзяўчыну на відэароліку або ведае яе месцазнаходжанне. Іх просяць звярнуцца ў Партызанскае РУУС (завулак Стаханаўскі, 5) або па тэлефонах 230-34-34, 8 (029) 715-97-95.