У Мінску 15-гадовы школьнік абакраў страйкбольны клуб

Усяго за некалькі гадзінаў супрацоўнікі Партызанскага РУУС Мінска знайшлі і затрымалі 15-гадовага злодзея, які абчысціў страйкбольны клуб.

Супрацоўнікі ўстановы паскардзіліся ў міліцыю на тое, што апошнім часам у іх пачалі знікаць рэчы — акумулятары да прывадаў, лоўдэры, зараднае прыстасаванне, прыцэлы. Маёмасць знікала без следу, але пры гэтым заставаліся сляды ўзлому. Пасля некалькіх падобных выпадкаў у клубе ўсталявалі камеры відэаназірання.

Камеры і зафіксавалі, што па начах у клуб прыходзіў падлетак і краў там рэчы. Міліцыя вылічыла юнага злодзея і затрымала яго. Хлопец прызнаўся, што скрадзенае потым прадаваў знаёмым.

Усяго ён накраў маёмасці на 4 мільёны рублёў.

Цяпер падлетку пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.

Фота: waterfall.su