У Мінскім раёне дзяржкантроль накрыў тры дамы састарэлых

Яны не мелі ліцэнзіі на аказанне паслуг

Яны не мелі ліцэнзіі на аказанне паслуг / Комитет госконтроля

Падмяўшы пад сябе рынак сацыяльных паслуг, дзяржава працягвае закрываць прыватныя дамы састарэлых, якія не атрымалі ліцэнзію. Так у Мінскай вобласці Камітэт дзяржкантролю закрыў тры пансіянаты, што аказвалі паслугі пажылым беларусам.

Два юрыдычныя асобы і індывідуальны прадпрымальнік з лістапада 2024 года па верасень 2025 года на тэрыторыі Мінскага раёна арганізавалі працу дамоў састарэлых, разлічаных на пражыванне больш як 25, 85 і 40 чалавек адпаведна.

Па факце ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці без ліцэнзіі ў дачыненні да дырэктараў дзвюх арганізацый і індывідуальнага прадпрымальніка ўзбуджаныя крымінальныя справы.

Гісторыя пытання

Нагадаем, што з 1 кастрычніка 2024 года ў Беларусі пачало дзейнічаць ліцэнзаванне працы сацыяльных пансіянатаў прыватных формаў уласнасці. З-за гэтага амаль усе прыватныя дамы састарэлых фактычна закрыліся.

Пры гэтым дзяржава абяцае ў бліжэйшыя пяць гадоў павялічыць іх колькасць амаль на 20%.

У Беларусі пакуль дзейнічаюць 89 сацыяльных пансіянатаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.