Швейцарыю на Expo 2025 прадставіць навукоўца з Беларусі з праектам робата
Як робаты могуць дапамагаць пажылым людзям / Настоящее время
Беларуская навукоўца Юлія Сандамірская прадставіць на выставе Expo 2025 у Японіі праект робата, які можа падтрымліваць пажылых грамадзян і людзей з абмежаванай мабільнасцю, заўважыў канал “De facto. Беларуская навука”. Яны змогуць непасрэдна ўзаемадзейнічаць з рабатызаванай рукой. Устаноўка ўжо накіроўваецца ў Японію, дзе будзе даступная наведвальнікам выставы з 11 чэрвеня па 12 жніўня.
Юлія Сандамірская скончыла БДУ ў 2005 годзе, затым вучылася і працавала ў Германіі, а ўжо каля дзесяці гадоў займаецца навуковымі даследаваннямі ў Швейцарыі.
Зараз Юлія — прафесарка Інстытута вылічальных навук аб жыцці пры Цюрыхскім універсітэце прыкладных навук.
Беларуска ўзначальвае навуковы цэнтр "Кагнітыўныя вылічэнні", які займаецца нейраморфнымі вылічэннямі і тэхналогіямі для робататэхнікі, а на практыцы — распрацоўкай робатаў для догляду за людзьмі з абмежаванай мабільнасцю.