Калі створаць беларускую вакцыну ад птушынага грыпу? Спыталі ў Акадэміі навук

"Тэрміны адсунулі" / pixabay.com
Беларускай вакцыны ад птушынага грыпу не будзе сёлета. І, здаецца, у наступным годзе таксама. Пра планы па яе стварэнні ў 2024 годзе распавядаў дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі Андрэй Ганчароў.
Журналіст Еўрарадыё патэлефанаваў навукоўцам і даведаўся, калі чакаць прэпарат.
У 2027 годзе, але не факт
Пад выглядам занепакоенага чалавека, які хоча купіць вакцыну ад птушынага грыпу, тэлефаную ў Інстытут біяхіміі НАН Беларусі.
І адразу чую адказ: вакцына яшчэ ў стадыі распрацоўкі, тэрміны адсунутыя.
— Пакуль распрацоўка вядзецца, навукоўцы працуюць, але ўсё яшчэ няма канчатковага выніку. Вы ж самі разумееце, навука такая справа, трэба пачакаць трошкі. Але працуе лабараторыя над гэтым пытаннем, і шчыльна. Сам дырэктар узначальвае ў нас гэтую распрацоўку, таму ўсё вельмі сур'ёзна.
— А калі прыкладна будзе?
— Я думаю, што ў СМІ будзе гэта асветлена. Ну, шчыльна да 27-га года [праца будзе весціся. — Еўрарадыё], а можа раней атрымаецца.
Нагадаем, у чэрвені 2024 года на адной з прэс-канферэнцый дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі Андрэй Ганчароў казаў, што навукоўцы працуюць над стварэннем вакцыны ад птушынага грыпу.
— Мы працягваем працаваць над айчынным варыянтам вакцыны супраць грыпу. Ужо гатовыя першыя прататыпы вакцын супраць сезоннага грыпу і супраць грыпу H5N1.
Але з тых часоў афіцыйных навін аб стварэнні вакцыны не было.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.