У мінскім метро пасажырам раздадуць больш за мільён квіткоў
11 сакавіка там праводзіцца абследаванне пасажырскіх плыняў.
У сераду, 11 сакавіка, у мінскім метро праводзіцца абследаванне пасажырскіх плыняў. З моманту адкрыцця станцый і да іх закрыцця на ўваходзе кожны пасажыр атрымае спецыяльны квіток. На ім будзе пазначаны нумар станцыі, дзе чалавек увайшоў у метро. На выхадзе квіток трэба будзе аддаць.
Як адзначае БЕЛТА, на Маскоўскай лініі метро выдаюць талоны з інфармацыяй, якая надрукаваная сінім колерам, на Аўтазаводскай — чырвоным. Для пасажыраў надрукавана 1 мільён 200 тысяч квіткоў.
У абследаванні будуць удзельнічаць больш за 1600 супрацоўнікаў метрапалітэна. Калі пасажыр згубіць квіток, яны распытаюць, на якой станцыі ён зайшоў у метро.
Адзначаецца, што атрыманыя пасля аналізу абследавання звесткі дапамогуць даведацца працягласць паездак пасажыраў у метро, загрузку перасадачных станцый. У адпаведнасці з гэтым будзе карэктавацца графік руху як цягнікоў метро, так і наземнага транспарту.