У Мінск прыехаў прарасійскі палітык з Літвы

Эдуардас Вайткус (злева) і старшыня партыі "Белая Русь" Алег Раманаў / sb.by
Былы кандыдат у прэзідэнты Літвы Эдуардас Вайткус прыехаў 12 траўня ў Мінск. У яго адбылася сустрэча з кіраўніцтвам лукашэнкаўскай партыі "Белая Русь".
Вайткус заявіў, быццам Літва не мае легітымнага прэзідэнта. "Мы афіцыйна і публічна казалі, што ў Літве няма легітымнага прэзідэнта. Гітанас Наўседа, дзейны прэзідэнт, абраны нелегітымна — у нас ёсць матэрыялы, якія пацвярджаюць такую выснову", — перадае афіцыёзнае выданне sb.by словы літоўскага палітыка.
Таксама ён выказаў думку, што кіраўніцтва Літвы ідзе "па шляху знішчэння літоўцаў і літоўскай дзяржаўнасці".
Вайткус удзельнічаў у парламенцкіх выбарах у 2008 і 2020 гадах, але не прайшоў у парламент. У 2021 годзе быў актыўным удзельнікам антываксерскіх пратэстаў. Тады ж палітык заснаваў цэнтр супраціву акупацыі народа Літвы, які аб'ядноўвае прарасійскія сілы.
У 2024 годзе Вайткус на парламенцкіх выбарах узначаліў спіс Літоўскай народнай партыі, але яна не пераадолела выбарчы бар'ер. У тым жа годзе палітык вылучаўся на прэзідэнцкіх выбарах, дзе набраў 7,31% галасоў. Вялікую падтрымку Вайткус атрымаў у рускамоўных рэгіёнах Літвы, такіх як Шальчынінкай і Вісагінас.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.