Ціханоўская сустрэлася з літоўскімі вайскоўцамі

Святлану Ціханоўскую прымалі ў літоўскай Ваеннай акадэміі / прэс-служба Ціханоўскай
Святлана Ціханоўская 28 красавіка наведала Ваенную акадэмію імя генерала Ёнаса Жамайціса ў Вільні. Там яна сустрэлася з начальнікам штаба акадэміі Дэнісам Старыковічусам і літоўскімі афіцэрамі, паведамляе прэс-служба палітыка.
У сваёй прамове Ціханоўская заклікала літоўцаў не паддавацца на правакацыі і маніпуляцыі рэжыму Лукашэнкі, адрозніваць беларускі народ ад прарасійскай улады: "Беларусы паважаюць Літву, яе гісторыю, культуру і цэласнасць. Мы павінны адкінуць і прадухіляць усе спробы ўбіць клін паміж нашымі народамі. Гісторыя — гэта тое, што нас аб’ядноўвае і ўмацоўвае".
Асаблівую ўвагу яна надала пытанням бяспекі і сучасным выклікам. Выкарыстанне міграцынага крызісу і гібрыдныя атакі супраць Літвы, Польшчы і Латвіі Ціханоўская назвала інструментамі, якім рэжым Лукашэнкі помсціць за прынцыповую пазіцыю гэтых дзяржаваў. "Наш агульны вораг — гэта дыктатура Лукашэнкі і расійскі імперыялізм", — падкрэсліла палітык.
Таксама лідарка беларускіх дэмсілаў адзначыла важнасць перамогі Украіны ў вайне, бо гэта адкрые шлях і для вольнай Беларусі, і для трывалай бяспекі ва ўсім рэгіёне. У сваю чаргу толькі вольная і дэмакратычная Беларусь стане надзейным суседам і гарантам бяспекі для Літвы, мяркуе яна.
Напрыканцы сустрэчы адбылася дыскусія з афіцэрамі і прадстаўнікамі акадэміі. Ціханоўская адказала на пытанні пра падтрымку Украіны, барацьбу з гібрыднымі пагрозамі, мірныя перамовы па Украіне, а таксама працу дэмакратычных сілаў Беларусі.



Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.