У мікашэвіцкім “Граніце” застаўся адзін гулец з асноўнага складу

У мікашэвіцкім “Граніце” застаўся адзін гулец з асноўнага складу

У мікашэвіцкім ФК “Граніт” застаўся толькі адзін гулец з асноўнага складу — брамнік Дзмітрый Дудар. Нядаўна клуб пакінулі абаронца Павел Яўсеенка і паўабаронца Ігар Трухаў, якія цяпер шукаюць варыянты працаўладкавання, паведамляе Прессбол. Затое на праглядзе ў камандзе ажно 20 гульцоў.

Да ўчорашняга дня “Граніт” не меў права рэгістраваць новых гульцоў падчас летняга трансфернага акна, якое адкрылася для беларускіх футбольных клубаў 9 ліпеня і будзе дзейнічаць да 5 жніўня. Прычынай забароны былі даўгі перад Беларускай федэрацыяй футболе. Аднак учора на пасяджэнні камітэта па клубным ліцэнзаванні федэрацыі санкцыі з “Граніта” былі знятыя. Таксама дазвол на рэгістрацыю новых гульцоў атрымала брэсцкае “Дынама”. Абодва клубы цалкам пагасілі запазычанасць перад АБФФ.

4 ліпеня ў сувязі з парушэннем патрабаванняў артыкула 65 Рэгламенту АБФФ па ліцэнзаванні і кантролі дзейнасці клубаў камітэт ужыў санкцыі ў выглядзе забароны на рэгістрацыю новых гульцоў у дачыненні клубаў “Белшына”, “Граніт”, “Дынама” (Брэст), “Іслач”, “Нафтан”, “Нёман”, “Тарпеда-БелАЗ”, “Дняпро”, “Ліда”, “Смаргонь” і “Тарпеда-Мінск”. Футбольным клубам “Гарадзея”, “Крумкачы”, “Слуцк”, “Луч”, “Ашмяны” і “Хімік” былі вынесеныя папярэджанні.

На сёння санкцыі дзейнічаюць супраць “Белшыны”, “Дняпра”, “Смаргоні” і “Ліды”.