У Мастах кіраўніцтва горада просяць прыбраць скульптуру цмока

Цмок у Мастах

Цмок у Мастах / mosty-zara.by

У Мастах у Гродзенскай вобласці кіраўніцтва горада просяць прыбраць з цэнтральнай плошчы скульптуру цмока. Група грамадзян лічыць, што яна "навязвае чужыя нашай культуры каштоўнасці".

З гэтым пытаннем цэлая дэлегацыя прыходзіла на прыём да старшыні Мастоўскага райвыканкама Андрэя Санько. "Яны выказалі незадаволенасць скульптурай і растлумачылі, што цмок не з'яўляецца сімвалам народнай культуры, ды і ў хрысціянстве ён супрацьстаіць Богу", — піша раённая газета.

Праціўнікі цмока прапанавалі ўсталяваць "скульптуры, якія папулярызуюць мацярынства, Айчыну".

Амаль трохметровая металічная скульптура цмока, як сімвала 2024 года, з'явілася ў канцы 2023-га каля ўваходу ў раённы цэнтр культуры. Ідэя з'яўлення гэтага арт-аб'екта належыць якраз кіраўніку горада, а выканаў яе за два месяцы мантажнік мясцовай сельгастэхнікі Міхаіл Кучун. "Цмок стане выдатнай фотазонай і прыцягне ўвагу не толькі жыхароў раёна, але і турыстаў", — гаварыў Санько. Цяпер ён спасылаецца на тое, што скульптуру ўсталявалі, "улічваючы інтарэсы моладзі". Каб вырашыць яе лёс, у Мастах будуць вывучаць грамадскае меркаванне.

У Мастах кіраўніцтва горада просяць прыбраць скульптуру цмока
mosty-zara.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.