У Маладзечанскім раёне АМАП разграміў самы буйны "самагонны цэх" у Беларусі
Сапраўдны "самагонны цэх" разграмілі мінскія амапаўцы 23 лютага ў вёсцы Яхімаўшчына Маладзечанскага раёна.
Як паведамляе прэс-служба міліцыі Мінскай вобласці выраб самагона 40-гадовы жыхар вёскі арганізаваў проста ў двары ўласнага дома. Брага брадзіла ў чатырох тысячалітровых спецыяльных ёмістасцях, якія падаграваліся газавымі гарэлкамі. Да гарэлак былі падлучаныя два балоны з прапанам, аб'ём так званага "халадзільніка" складаў больш за 3000 літраў. Гатовы прадукт выцякаў па чатырох змеявіках адначасова. Вада на "вытворчасць" падавалася адразу з вадаправода. Адкіды гаспадар вывозіў на размешчаную непадалёк уласную свінаферму. Ферма, дарэчы, была і прыкрыццём для самагоншчыка — ён спакойна купляў і прывозіў дадому буйныя партыі мукі, нібыта на корм скату.
Па словах міліцыянтаў, самагоншчык працаваў толькі з аптовымі пакупнікамі. Па самых сціплых ацэнках, магутнасці завода дазвалялі выганяць за адзін раз больш за 500 літраў самагонкі. Выкарыстанне газу дазваляла пазбегнуць прыкметаў самагонаварэння: дыму з трубы, сажы і паху.
Гаспадарку ахоўваў не толькі высокі плот і сабакі. Стаяла там і сістэма відэаназірання. Пакуль брага пераганялася ў самагон (а гэта каля 7-8 гадзін) сваякі вартавалі вытворчасць звонку, а гаспадар хадзіў па вясковых вуліцах з тэлефонам — на выпадак прыезду супрацоўнікаў міліцыі.
Паведамляецца, што амапаўцы некалькі гадзін сядзелі ў засадзе, каб узяць самагоншчыка з доказамі злачынства. Падчас ператрусу ў яго забралі 240 літраў самагонкі, каля 6 тон брагі і самагонны апарат. Самагоншчыка прыцягнуць да адказнасці па некалькіх артыкулах адміністрацыйнага заканадаўства.