У Магілёве касірка крамы ўзяла на працы 6000 рублёў і пайшла ў казіно
У казіно / pixabay.com
Крымінальную справу за прысваенне маёмасці ў буйным памеры распачалі супраць касіра адной з крамаў Магілёва. Жанчына ўзяла з касы 6000 рублёў і прайграла іх у казіно. Пра гэта распавялі магілёўскія міліцыянты.
Фігурант гэтай справы працавала старшым кантралёрам-касірам у адной з прадуктовых крамаў горада. Кожны вечар яна здавала адміністратару выручку за дзень — прыносіла грошы ў кабінет. У адзін з дзён яна здала не ўсе заробленыя крамай грошы. Прыхавала даволі буйную суму.
"Грошы яна пасля патраціла ў адным з казіно горада, пры гэтым амаль адразу прайграўшы ўсю суму", — распавялі ў міліцыі. Жанчыне 38 гадоў. Ёй цяпер пагражае да пяці гадоў абмежавання альбо пазбаўлення волі.