У Літве ў сераду спынілі 48 мігрантаў з Беларусі, у Польшчы — 120

Мігранты перабіраюцца з Беларусі ў Літву / vsat.lrv.lt
У сераду, 7 траўня польскія памежнікі зафіксавалі больш за 120 спробаў незаконнага пераходу мяжы з тэрыторыі Беларусі. Амаль усе спробы былі спыненыя, толькі аднаго чалавека яшчэ спрабуюць затрымаць, паведамляе прэс-служба памежнікаў Польшчы.
Таксама гаворыцца, што мігранты кідаліся камянямі і пашкодзілі аўтамабіль польскіх памежнікаў.
У Літве ў сераду былі спыненыя 48 мігрантаў, якія нелегальна перабіраліся з тэрыторыі Беларусі. Адна група пералезла праз агароджу на мяжы па лесвіцы, другая перасекла мяжу па рацэ Нёман. Трэцяя група падышла да лініі мяжы, але, пабачыўшы памежнікаў, адышла ўглыб беларускай тэрыторыі.
У памежнай службе Літвы кажуць, што такая рэкордная колькасць мігрантаў за суткі фіксуецца сёлета другі раз. Столькі ж чалавек (48), якія спрабавалі нелегальна трапіць у краіну, было 4 лютага.
У аўторак літоўскія памежнікі спынілі групу з 21 чалавека, якія перабраліся праз агароджу на мяжы, прыставіўшы лесвіцу. Дзесяць затрыманых назваліся грамадзянамі Пакістана, адзінаццаць — грамадзянамі Афганістана.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.