У Лепельскім раёне бабёр асушыў цэлае возера

Возера Кастрыцкае ў Лепельскім раёне пасля размывання дамбы / Fishingby
У Лепельскім раёне амаль цалкам перасохла возера Кастрыцкае. Вінаватым называюць бабра, піша партал Fishingby.
Бабёр пракапаў нару ў цэнтры дамбы на возеры. Дамбу размыла ў выніку моцных паводак. 19 ліпеня ўзровень вады ў возеры апусціўся прыкладна на паўметра, а праз чатыры дні дамбу прарвала канчаткова.
Рыбаловы спрабавалі выратаваць вадаём ад асушэння, звярнуліся да ўладаў, але дапамогі не дачакаліся.
"Сваімі сіламі, што змаглі, мы зрабілі — пазасыпалі прамывіну боем цэглы ўручную, пасля выходных звярнуліся па дапамогу ў мясцовы сельскі савет, каб дапамаглі арганізаваць пагрузчык", — дзеліцца падрабязнасцямі Дзмітрый Кохан.
Мужчына кажа, што адпаведнай тэхнікі ў іх няма, але вёска сабрала б грошы на арэнду. Аднак у сельсавеце просьбу праігнаравалі — і дамбу прарвала.
На месцы возера ўтварылася топкае балота, у якім загінула рыба ды іншая жыхары возера, з вадаёма паляцелі лебедзі і крыжанкі. Тэарэтычна, возера можна аднавіць, засыпаўшы месца прамывання і ўмацаваўшы дамбу, але для гэтага патрабуецца цяжкая тэхніка.



Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.