У кар'еры на Гомельшчыне раяць не працаваць, бо туды прыляцела трапічная птушка

Залацістую шчурку заўважылі ў кар'еры пад Веткай / t.me/gomel_region_gov
У Веткаўскім раёне заўважылі трапічную птушку, уключаную ў Чырвоную кнігу. Гэта залацістая шчурка, якая прыляцела з зімоўкі, паведамляюць у Гомельскім аблвыканкаме.
Шчурка пасялілася ў кар'еры каля пасёлка Аднаполле, і цяпер там рэкамендуюць спыніць працы. Гнездаванне чырванакніжнай птушкі пацвердзіла выкладчыца кафедры біялогіі Гомельскага дзяржуніверсітэта Ірына Курачэнка.
Залацістая шчурка прыляцела ў Беларусь з трапічных шырот, зімуе яна ў трапічнай Афрыцы ці Індыі. У Беларусь прылятае толькі ў канцы траўня на два месяцы.
У кар'еры пад Веткай яна жыве разам з калоніяй берагавых ластавак.
У Гомельскім аблвыканкаме рэкамендавалі не толькі забараніць земляныя работы ў кар'еры, дзе пасялілася залацістая шчурка, але і абмежаваць колькасць тэхнікі на перыяд вываду нашчадкаў да жніўня 2025 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.