У Іспаніі застрэлілі экс-дарадцу Януковіча

Андрэй Партноў

Андрэй Партноў / фота з яго тг-канала

У Мадрыдзе застрэленым знайшлі Андрэя Партнова — былога дарадцу Віктара Януковіча. Пра гэта піша hromadske.ua са спасылкай на іспанскія медыя. Гібель Партнова пацвердзіла таксама іспанская паліцыя.

Паведамляецца, што Партнова застрэлілі, калі ён падвозіў сваіх дзяцей у адну са школ Мадрыда. У нападзе, які адбыўся каля 9-й гадзіны паводле мясцовага часу, удзельнічалі два ці тры чалавекі. Паводле іспанскіх СМІ, Партнову чатыры разы стрэлілі ў грудную клетку і яшчэ адзін раз — у галаву.

Партноў займаў пасаду дарадцы першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Віктара Януковіча ў 2011-2014 гадах. У 2014-м пакінуў украіну, нейкі час жыў у Расіі , потым пераехаў у Вену. Ён заклікаў амніставаць "беркутаўцаў" і пачаць следства супраць удзельнікаў Еўрамайдану. Партнова называюць адным з блізкіх паплечнікаў Януковіча. У сакавіку 2018-га Служба бяспекі Украіны пачала супраць яго справу аб дзяржаўнай здрадзе. Аднак Партноў падаў пазоў у суд на СБУ, пасля чаго справу закрылі.

У траўні 2019-га Партноў вярнуўся ва Украіну пасля пяцігадовай адсутнасці. А ў снежні 2021-га ён трапіў пад санкцыі ЗША.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.