У Іспаніі за падробку візаў затрымалі беларусаў
Паліцыя Іспаніі затрымала на выспе Тэнэрыфэ (Канарскія выспы) злачынную групу з беларусаў і расіян.
Дзевяць чалавек абвінавачваюцца ў падробцы штампаў і візаў у пашпартах расіян, інфармуе сайт "Іспанія па-руску".
Беларусы ў Іспаніі прастаўлялі ў турыстычныя візы фальшывыя штампы, якія пацвярджалі ўезд і выезд з тэрыторыі Шэнгенскай зоны. Такім чынам яны працягвалі кліентам перыяд легальнага знаходжання ў краіне.
Пасля заканчэння першай візы пры дапамозе падробленых натарыяльных дакументаў злачынцы і іх кліенты атрымлівалі новыя ўязныя візы ў Маскве. Самі яны тым часам не выязджалі з Іспаніі. Для гэтага кіраўнік злачыннай групы пры дапамозе кур'ераў дасылаў неабходную дакументацыю ў сталіцу Расіі. У Маскве пасылку прымалі, аддавалі ў Консульства для атрымання новых віз, а затым адпраўлялі назад у Іспанію.