У Гродне не працуе больш за 20% працаздольнага насельніцтва

Праца, ілюстрацыйнае фота / sb.by
Сенсацыйную лічбу беспрацоўя апублікавала журналістка тэлеканала "Гродна плюс".
Яна, як заўважыла "Салідарнасць", пабывала на планёрцы ў старшыні Гродзенскага гарвыканкама і напісала ў сацсетках такі пост: "Больш за 20% працаздольнага насельніцтва горада "не працуюць". А, значыць і не плацяць падаткі. Пытанне: за чый кошт яны карыстаюцца ўсімі сацыяльнымі выгадамі?"
Дарэчы, паводле афіцыйных звестак, на 1 жніўня 2025 года ў Гродне на ўліку па беспрацоўі было 813 чалавек (год таму — 777).
"Узровень зарэгістраванага беспрацоўя склаў (па ацэнцы) 0,2 працэнта да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва і ва ўсіх рэгіёнах вобласці не выходзіць за рамкі прагнознага", — паведамляецца на сайце Гродзенскага аблвыканкама.
Дарэчы, дзяржаўнай журналістцы нагадалі, што падаткі плацяць усе беларусы — напрыклад, пры пакупцы любога тавару ці паслугі плаціцца падатак на даданую вартасць.
Адзін з каментатараў патлумачыў: "20% працаздольнага насельніцтва імігравала або ездзіць на заробкі ў Польшчу. Жыву ў Польшчы, пашпарт ПП не афармляў, у Беларусі лічуся не працуючым. Назіраю, як былыя суседзі суседзі, для таго каб выжыць у Беларусі, ужо гадоў 10 ездзяць на заробкі ў Польшчу — яны таксама лічацца не працуючымі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.