У Гомелі затрымалі траіх махляроў-“артыстаў” з Украіны (фота)
Дзеля ажыццяўлення сваіх злачынных задумаў яны ладзілі ў беларускім абласным цэнтры цэлыя спектаклі.
Траіх махляроў з Украіны затрымалі гомельскія праваахоўнікі. Двое з іх — жыхары Кіева і яшчэ адзін з Бравароў. Зламыснікі адзначыліся тым, што з 10 па 14 ліпеня правялі ў абласным цэнтры некалькі мудрагелістых камбінацыяў. На рахунку ўкраінскіх “гастралёраў” пяць крымінальных справаў, аднак у міліцыі мяркуючы, што фактаў іх злачыннай дзейнасці значна болей.
Адзін з эпізодаў выглядаў так. Да прадаўшчыцы кіёска па продажы талонаў на прыпынку грамадскага транспарту звярнуўся малады чалавек з прапановай набыць надзвычай дарагія мікрасхемы для тэлевізараў. Прадавец прапановай не зацікавілася. Але тут у да ўладальніка тавару звяртаўся яшчэ адзін чалавек, які стаяў у чарзе. Ён прадстаўляўся дырэктарам па рамонце аргтэхнікі і казаў, што хоча набыць цэлую партыю, але ж наяўных сродкаў пры сабе не мае. Але калі прадавец пачакае зусім крыху, ён хутка прывязе патрэбную суму. Гэты “спектакль” разыгрываўся так, каб прадавец чула размову.
Хвілінаў праз 10-15 пачыналася другая частка паказу. Ілжывы прадавец мікрасхемаў дэманстраваў знерваванасць і прасіў кіяскёрку ператэлефанаваць бізнэсмену. Нібыта ён прыезджы і спяшаецца на цягнік, а сотавага нумара мясцовага аператара не мае. Жанчына, не падазраючы падвоху, званіла. Махляр маліў яе ўвайсці ў становішча, прасіў забраць мікрасхемы і аддаць рэшту сумы, якую ён кампенсуе, калі вернецца.
Спектакль быў настолькі рэалістычны, што многія людзі верылі махлярам і дапамагалі “бізнэсмену” грашыма. Яны звярталіся ў міліцыю не адразу.
На сёння пра такія факты махлярства заявілі два індывідуальныя прадпрымальнікі з рынка “давыдаўскі”, прадавец талончыкаў, прадавец латарэйных білетаў. Яны аддавалі зламыснікам сумы ад 1,6 да 6 мільёнаў рублёў.
Праваахоўнікі не паспелі затрымаць “гастралёраў” адразу пасля атрымання заяваў ад грамадзян — украінцы хуценька з’ехалі да сябе на радзіму. Аднак у пачатку жніўня крымінальнае трыё зноў вырашыла завітаць у Беларусь. Махляроў затрымалі на мяжы, паведамляе прэс-служба Гомельскай абласной міліцыі.



Фота: uvd.gomel.by