У Гомелі пенсіянера МУС затрымалі за надпіс на майцы
Міліцыянт сцвярджаў, што надпіс “За Беларусь без Лукашэнкі” з’яўляецца забароненым.
У Гомелі за надпіс на майцы “За Беларусь без Лукашэнкі” затрымалі былога супрацоўніка МУС Уладзіміра Няпомняшчых. Ён ішоў па вуліцы Савецкай, калі побач з ім спыніліся на машыне супрацоўнікі міліцыі. Адзін з іх заявіў, што надпіс на майцы забаронены, але на якой падставе — дакладна патлумачыць не змог.
Пасля міліцыянт параіўся з кімсьці па тэлефоне і прапанаваў Уладзіміру Няпомняшчых праехаць у Цэнтральны раённы аддзел міліцыі. Пры гэтым супрацоўнік не прадставіўся, быў без бэйджа і знакаў адрознення.
У райаддзеле супрацоўнік крымінальнага вышуку пацвердзіў затрыманаму адсутнасць правапарушэнняў.
Міліцыянт, які палічыў надпіс забароненым, паказаў пасведчанне толькі пасля ўказання дзяжурнага па аддзеле. Другі ж, які быў разам з ім, так і не прадставіўся. Яго асобу Уладзіміру Няпомняшчых давялося высвятляць у аддзеле Дэпартамента аховы Цэнтральнага раёна пасля вызвалення. Незаконна затрыманы збіраецца падаваць скаргу:
Няпомняшчых: “Зараз падрыхтаваў скаргу, і не дамо ім спакойна спаць: няхай вучаць сваіх падначаленых, няхай вучацца працаваць, а не займацца лухтой. Я хачу ведаць, хто даваў каманду, хаця я сумняюся, што даведаюся. Няхай гэтыя спадары, якія парушаюць законы і даюць каманды, ведаюць, што ўся іх дзейнасць дакументуецца”.
Уладзімір Няпомняшчых сцвярджае, што надпіс на майцы нікога не абражае, не ўтрымлівае заклікаў ні да міжнацыянальнай варожасці, ні да гвалту. Гэта яго асабістае меркаванне, і па-іншаму ён яго публічна выказаць не можа.