Беларусцы за мяжой з нумара яе затрыманага сябра пісалі сілавікі

Мабільны тэлефон, ілюстрацыйнае фота

Мабільны тэлефон, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Беларуска Кацярына, якая жыве за мяжой, сутыкнулася з тым, што з нумара затрыманага сябра ёй пісалі сілавікі. Пра гэта дзяўчына расказала выданню BGmedia.

Дзяўчына кажа, што ведала пра затрыманне сябра, з якім яны часта перапісваліся але чысцілі перапіскі.

"Прайшло прыкладна 15 дзён з яго затрымання, і ён мне напісаў у Telegram. Мяне нічога не насцярожыла спачатку. Але ён настойліва выпытваў: ці маглі да "органаў" трапіць фота і відэа з Беларусі, якія ён мне дасылаў? Я адказала, што не. Пасля настойлівых пытанняў на тую ж тэму я пачала яго набіраць у Telegram, але ён не адказваў", падзялілася гісторыяй Кацярына.

Дзяўчына звязалася з агульнымі сябрамі ў Беларусі і даведалася, што яе знаёмы на выйшаў з "сутак". Больш за тое — яго перавялі ў СІЗА і пачалі справу, звязаную з "экстрэмізмам".

Кацярына мяркуе, што з нумара сябра пісалі сілавікі ці яны прымусілі пісаць самога ўладальніка, каб выведаць нешта супраць яго.

У Беларусі з 2020 года працягваюцца затрыманні і арышты паводле палітычных матываў. Цяпер найбольш актыўна затрымліваюць тых, хто адпраўляў фота і відэа праекту "Беларускі Гаюн". Паводле папярэдніх звестак, гаворка ідзе, магчыма, пра тысячу чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.