У кастрычніку выйдзе фантастычны раман на беларускай мове

Дэбют Арцёма Шуканова — "Пентаквантар". / gutenbergpublisher.eu
Выдавецтва Gutenberg Publisher у кастрычніку выпускае фантастычны посткіберпанк-раман "Пентаквантар" ад беларускага аўтара Арцёма Шуканова. Гэта будзе кніга пра штучны інтэлект, тэхналогіі, будызм і яшчэ шмат пра што.
Раман выйдзе ў дзвюх кнігах. Першая прэзентацыя адбудзецца падчас фестывалю PRADMOVA у Вільні 12 кастрычніка.
На раман адкрыта перадзамова на сайце выдавецтва.
"Кніжны жанр кіберпанку застаўся ў дзевяностых. Усе яго літаратурныя наступствы, якія мы бачым навокал, — гэта развіццё жанру з прыстаўкай “пост”. “Пентаквантар” — менавіта такі посткіберпанк-раман, неўтаймаваны і маштабны тэхнатрылер, які ідзе па слядах “Крыптаномікону” і “Лавіны” Ніла Стывенсана, несучы на сэрцы шнары ад “Штама Андрамеда” Майкла Крайтана і “Нэйрамансера” Уільяма Гібсана.
Нягледзячы на тое, што “Пентаквантар” — гэта аўтарскі дэбют, да сюжэту Арцём Шуканаў падышоў з размахам. Дзеянне адбываецца ў будыйскіх святынях спякотнага Лаоса і на дажджлівых неонавых вуліцах Кіёто. З бетонных джунгляў Мінска-3, што на ўсходніх межах Інтэрмарыуму, даводзіцца перамясціцца на Мальдывы, а адтуль, калі гісторыі становіцца цесна на Зямлі, праз Індыйскі акіян – да вялікай кветкі Чырвонай Плюмерыі, ніжняй станцыі касмічнага ліфта, адкуль героі пачнуць сваё самае далёкае падарожжа да планеты Джуніпер", — піша пра раман выдавец.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.